Пра нас

Гадаваць дзеці няпроста. Гадаваць дзеці па-беларуску ў Беларусі – складаней у разы. У цяперашняй рэчаіснасьці гэткае натуральнае жаданьне спаткае... Добра, калі – зьбянтэжаныя позіркі сьведкаў такога дзіва, часьцей жа за ўсё – суцэльны клубок забабонаў ды перашкодаў з боку “абычных нармальных благадзецяляў”: “Ня порціце рабёнку жыызьнь!”. Таму, шаноўныя мамы й таты беларускамоўных дзетак: калі дзесьці ёсьць мы, і недзе ёсьць вы – чаму б нам з вамі не згуртавацца адной вясёлай талакой ды не стварыць утульны сьвет для сябе й сваіх малых?
“Было б файна, але бракуе часу, няма зручнага месца”, – скажуць некаторыя. “Добрай пары сутак і запрашаем на http://www.dzietki.org”,– адказваем мы. На гэтай пляцоўцы можна зьбірацца ў любы прыдатны час, любой колькасьцю ды любым складам! Каб падзяліцца ўласным досьведам – і запытаць парады, пахваліцца чарговымі дасягненьнямі – і знайсьці падтрымку ў часовай няўдачы, распавесьці нешта значна-карыснае - і легкадумна памянташыць. Проста таму, што “часам трэба ведаць, што ты не адна такая ”. Менавіта гэткімі словамі адміністратарка Нашых Дзетак некалі распачала праект, разам з “групай ініцыятыўных мамашак”. Балазе, ініцыятыўныя таткі таксама ня спалі ў шапку, ды й патэнцыйныя (пакуль што) бацькі далучыліся – атрымалася тое, што атрымалася! Такім чынам:

Нашыя Дзеткі – рэсурс, створаны ў дапамогу сем’ям, якія гадуюць дзеці па-беларуску. Расьцем беларусамі!

Наш зьмест складаюць наступныя разьдзелы:

  • арыгінальныя й адаптаваныя артыкулы пра:
    • цяжарнасьць;
    • дзіцячае ды рэпрадукцыйнае здароўе;
    • немаўленчае, дашкольнае й школьнае гадаваньне;
    • традыцыйную культуру;
    • мову;
    • дом і сям’ю;
    • кар’еру, яе ролю ў жыцьці сучаснае жанчыны;
  • гульні ды забаўкі (тэксты дзіцячае літаратуры, музыка, слайды, флэш-анімацыя);
  • даведкавая інфармацыя пра ўстановы дашкольнае, школьнае й пазашкольнае адукацыі;
  • кансультацыі адмыслоўцаў: знаўцаў груднога кармленьня, мэдыкаў, праўнікаў, мовазнаўцаў ды інш.;
  • зьвесткі пра тавары ды паслугі, водгукі спажыўцоў;
  • форум для сумеснага абмеркаваньня надзённых праблемаў;
  • афіша падзеяў і імпрэзаў;
  • анансаваньне ды справаздачы пра рэальныя сустрэчы, фатасэсіі ды інш.;
  • віншаваньні, прыватныя паведамленьні ды інш.;
  • супольныя й прыватныя фотагалерэі;
  • спасылкі на рэсурсы дзіцячае ды беларускае тэматыкі;
  • бонусы сайта: беларускія подпісы да форумаў, конкурсы ды інш.

Нашая адметнасьць – сума трох складнікаў:

  • Беларускасьць: мы прапануем выключна беларускамоўную, арыентаваную на мясцовага спажыўца інфармацыю. Аўтарска-рэдактарская каманда Нашых Дзетак піша, перакладае, адаптуе зьмест матэрыялаў да тутэйшых рэаліяў – менавіта для нас з вамі!
  • Сучаснасьць: Нашыя Дзеткі – для актыўных і самастойных, любых і закаханых! Імкнемся давесці памылковасьць стэрэятыпаў пра беларушчыну як пра састарэлую, вясковую, непрыдатную для цяперашняга паўсядзённага жыцьця зьяву.
  • Рэальнасць: дзеці - не тамагочы, гадуюцца не ў кампутары! Спрыяем жывой камунікацыі сапраўдных сяброў: ладзім сумесныя гуляньні і вандроўкі, сьвяты і фатасэсіі, гурткі і школкі паскоранага развіцьця.

Стваральнікі і ўдзельнікі:

Аўтаркі ідэі: Крысьціна Вітушка, Юлія Малахоўская, Аліна Стэфановіч.
Адміністратарка сайта: Юлія Малахоўская (julciks@gmail.com).
Сувязі з грамадзкасьцю: Крысьціна Вітушка (kryscina@np.by).
Шчыра дзякуем Вользе Sionnia – за дапамогу ў распрацоўцы і фармуляваньні канцэпцыі, Тацяне Matias, Вользе Pink_by, а таксама – іншым добрым людзям.
Дзякуем Камілцы, Глоту, Red_Winged_Duck'у і Rohach'y за карысныя кансультацыі і падтрымку.
Дзякуем Вячку за дапамогу ў распрацоўцы дызайну.
Дзякуем Алене Яшчанцы за фатасэсію і выдатныя здымкі для сайта.

Аўтары: Нашыя дзеткі - цалкам адкрыты праект. Дасылайце свае артыкулы, а таксама не забывайцеся дадаць некалькі сказаў пра сябе. Гэтую інфармацыю мы будзем змяшчаць ТУТ.

Нашыя пляны на будучыню:

  • назапашваньне дзіцячых аўдыё-, відэа-, бібліятэкі. Стварэньне электроннае вэрсіі кнігазбору Таварыства Беларускае Школы;
  • збор мэтадычных напрацовак. Стварэньне банка рэцэнзіяў на пэдагагічныя й дзіцячыя выданьні;
  • пашырэньне даведкавае базы (установы адукацыі, радзільні, лякарні, адпачынак ды забавы, побытавыя паслугі);
  • наладжваньне майстар-клясаў па традыцыйных рамёствах;
  • гутаркі зь вядомымі беларусамі пра іх бацькоўска-сямейны досьвед;
  • клюбоўня дыяспараў.

І яшчэ:

Нам бы не хацелася, каб сябры Нашых Дзетак падбіраліся выключна па моўнай прыкмеце. Шкада, але беларусы "зь пялюшак" пакуль што рэдка сустракаюцца ў прыродзе. Многія з нас прыйшлі да беларускасьці праз творы Караткевіча і песьні "Мроі" ўжо дарослымі. Хтосьці ня здолеў пазбавіцца моўнага комплексу – але ўсё ж прагне, каб яго дзеці гутарылі па-беларуску. Некаторыя, наадварот, размаўляюць самі – але пакуль не пераканалі сямейнікаў. Можам аддаваць малых у розныя садочкі і школкі, карыстацца рознымі правапісамі, вызнаваць розныя веры, жыць у Менску і Вільні, Празе і Чыкага – але сябруйма і шукайма адказы на пытаньні разам!

З павагай,
адміністрацыя партала Нашыя дзеткі



Наш гузік

Калі вы хочаце дадаць на сваю старонку наш гузік, то выкарыстоўвайце наступны html код.

Гэта будзе выглядаць так:

Нашыя дзеткі

Кантакты

Пішыце нам на адрас dzietki@gmail.com.

© "Нашыя дзеткі", 2006. Усе правы абароненыя. Выкарыстаньне матар'ялаў у камэрцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамэрцыйным выкарыстаньні матар'ялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаньнях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY