Адказы на пытаньні

1   2   3   4   5   6   7   8   9  

Здравстувуйте! Доброго времени суток.
Где можно в Минске научиться плавать?
Ребенку 2 месяца, пока пробуем силы дома, в ванне. Хотелось бы получить консультацию по обучению плаванью и нырянию в домашних условиях, для дальнейшего совместного посещения
бассейна мамой и ребенком.

Кто как решал эту проблему?
Заранее спасибо за ответы.
Кузьмин А.В.

Навучыцца плаваць можна пры дзіцячай паліклініцы, пры якой ёсьць басэйн. Пры 17 дзіцячай паліклініцы, наколькі я ведаю, існуюць платныя заняткі для тых, хто не там прапісаны.
Акрамя таго, можна дамовіцца са спэцыялістам з той жа паліклінікі, каб атрымаць некалькі заняткаў дома ў ваньне.
На нашым сайце існуюць тэмы "Навучаньне плаванню" і "Басэйн" - там можна паразмаўляць з людзьмі, якія вучылі дзетак плаваць.

Існуе кніжка "Плавать раньше, чем ходить" (Никита Янушанец), дзе дастаткова проста апісаныя асноўныя методыкі.

Посьпехаў,
Юлія Малахоўская

Майму старэйшаму сыну 3 гады і 5 месяцаў. Дзіцё дастаткова добра размаўляе, не баіцца людзей і даволі проста ідзе на кантакт. Мы ходзім у садок ўжо каля году. Адаптацыйны перыяд ужо даўно мінуў, разам з нежаданнем хадзіць у садок. Даволі значны час мы хадзілі без усялякіх капрызаў, але нядаўна, дзіцё ізну пачало капрызнічаць і выказвае сваё нежаданне ісці ў садок. Выхавацелькі сталыя, па яго словах яны яго не крыўдзяць і яму падабаюцца. У сям'і ўсё стабільна.
У сувязі з гэтым маю да вас наступныя пытанні:
1) Чым могуць быць выкліканы такія паводзіны?
2) Што нам рабіць, як сябе паводзіць з дзіцём калі адводзім у садок?
3) Ці не варта звярнуцца да спецыяліста псіхолага?

З павагай,
тата Мікіты

Прывітанне, тата Мікіты! Згодна Вашаму лісту, нагод для хваляванняў няма. Хаця "капрызы", як і "стабільнасць" бываюць рознымі (На Беларусі таксама "стабільна" :) ). Што выклікала нежаданне наведваць дзіцячы садок, можна паспрабаваць высветліць непасрэдна ў Мікіты. Паспрабуйце распавесці сыну гісторыю пра хлопчыка, які падобны на яго, жыве ў падобнай сям’і, таксама ходзіць у дзіцячы садок з задавальненнем, аднак раптам нешта здараецца і хлопчык пачынае капрызнічаць і выказваць нежаданне ў яго хадзіць. Запытайце ў сыночка, што магло здарыцца з гэтым хлопчыкам, чаму ён перастаў хацець хадзіць у садок. Падрабязна гэтая тэхніка апісаная ў кнізе Д.Бретт "Жила-была девочка, похожая на тебя". Кнігу можна знайсці ў інтэрнэце.

Зычу посьпехаў у творчасці! Алена Жук.

Шаноўная Алена,
маёй дачцы 4г 10мес. 2 месяцы таму мне трэба было паехаць па важнай справе і дзяцей я з сабой узяць не магла (у мяне яшчэ і сын 1г 9мес), дзеці заставаліся з мужам 8 дзён. Мой муж кожны дзень вазіў дзяцей у цікавыя месцы і займаўся зь імі як мог. Сын маю адсутнасьць перажыў даволі добра, а вось дачка шмат плакала. Калі я вярнулася, яна працягвае плакаць з-за розных дзіўных прычынаў: што я пастарэю і памру, ці з-за таго, што ёй прыйдзецца ісьці ў школу (а раней яна толькі пра гэта і марыла і так хацела быць дарослай). Калі яна раптам згубіць мяне з віду ў краме, ці дома, калі я ў суседнім пакоі, яна крычаць гучна і істэрычна 'Мама!!!' і бяжыць мяне шукаць. Да таго ж яна ўжо двойчы за апошнія два месяцы насікала ў адзеньне, чаго ўжо вельмі даўно не здаралася... Мне зразумела, што мая адсутнасьць была для яе шокам. Я думала, што ўсё гэта пройдзе само, але час ідзе і я не бачу шмат паляпшэньня. Ці можа 2 месяцы недастаткова? Сколькі гэта можа працягвацца? А галоўнае ШТО РАБІЦЬ? Што бы вы параілі каб ёй дапамагчы?
Загадзя вялікі дзякуй.
З павагай,
Засмучоная мама

Прывітанне!
Апісаныя Вамі праявы сведчаць пра павышэнне так званай “сепарацыйнай трывогі”, якая ўзнікае ў адказ на неабходнасць аддзялення ад Вас (маці). Верагодна, Ваш ад’езд выклікаў да жыцця ранейшыя страхі і трывогі. Тое, што дзяўчынка задаецца пытаннямі адносна смерці – нармалёвая з’ява. Гэта кажа пра развіццё абстрактнага мыслення, здольнасці да абагульнення, разуменне катэгорый прасторы і часу. Верагодна, дастаткова будзе спакойнага тлумачэння, калі Вы шчыра і адкрыта распавядзеце ўласныя планы адносна смерці. Можаце таксама паспрабаваць высветліць крыніцу перажыванняў – адкуль і калі з’явіліся такія думкі. Якім чынам утварылася сувязь між Вашым ад’ездам, адсутнасцю і магчымасцю страціць Вас назаўсёды? Як адбылося “судатыкненне са смерцю”? У гэтым выпадку істотным з’яўляецца і Вашае асабістае стаўленне да гэтых пытанняў. Наколькі траўматычныя яны для Вас? Уважліва стаўцеся да пытанняў, якія задае дачка і спрабуйце спакойна, проста і ўпэўнена даваць на іх адказы. Для дзіцяці прасцей выразіць і адрэагаваць пачуцці і эмоцыі праз малюнак ці іншую выяўленчую дзейнасць, гульню – нават дарослым не заўсёды хапае словаў, каб адзначыць свае трывогі і страхі. Таму можна папрасіць дзяўчынку намаляваць тое, чаго яна баіцца, прыдумаць казку, гісторыю. Персаніфікацыя трывогі і страха дазволіць знізіць напружанне – прасцей змагацца з чымсці вядомым. Тут неабходна ўвага і падтрымка. Паназірайце за гульнямі і творчасцю дачкі – верагодна, яна ўжо спрабуе адрэагаваць эмацыйнае напружанне праз сімвалічныя праявы – напрыклад, з’яўляецца адмоўны вусцішны персанаж, з якім дзяўчынка змагаецца сваімі сродкамі. Вы можаце дапамагчы. Напрыклад, калі страх будзе аб’ектывізаваны – намаляваны, злеплены, прадстаўлены ў нейкім “матэрыяльным” выглядзе, ці, нарэшце проста прагавораны праз прыдуманую гісторыю, казку – папрасіце змадэляваць развіццё падзеяў так, каб дзяўчынка валодала сітуацыяй – злых сабак можна адагнаць палкай, на пачвару паўплываць замовай, ад нячысцікаў пад ложкам можа дапамагчы чароўны амулет і г.д. Можна прапанаваць рытуальнае “знішчэнне” выяваў – спаліць, парваць на шматкі, аднесці у лес вавёрцы і г.д. Акрамя таго, надалей варта загадзя рыхтаваць дзяўчынку да Вашай адсутнасці – калі Вы збіраецеся кудысьці адысьці, дакладна і зразумела тлумачце куды і наколькі, як Вас можна знайсці; вяртайцеся ў абяцаны час. Калі ж апісаныя Вамі праявы не знікаюць (а два месяцы – гэта ўжо больш чым дастатковы тэрмін) – звяртайцеся да псіхолага ці псіхатэрапеўта.

Усяго добрага – ад усёй душы. Алена.

Што рабіць, калі дзіцё ноччу галоднае? А ў мяне не хапае малака, каб яго задаволіць? Удзень усё нармальна, ён чмокча як па кніжцы – паволна, з перарывамі. Пасля купання яго пакармлю, потым праз паўгадзіны зноў патрабуе. І так з гадзіны ночы і да пяці раніцы ён спрабуе што-небудзь вычмактаць.
Злуецца! Плача. Моцна і часта чмокча. І што глытае, не бачна. Акрамя, як даць грудзь, яго не супакоіць. Што рабіць, каб малака хапала? Нам жа яшчэ двух тыдняў няма..

Па якіх прыкметах вы вырашылі, што дзіцяці не хапае
малака? Дзіця можа хацець смактаць толькі таму, што хоча
менавіта СМАКТАЦЬ, а не з-за голаду (да паўгоду дзіця
ўвогуле не дыфэрэнцыюе пачуцьцё голаду і любы іншы
дыскамфорт). І плакаць можа па сотні прычынаў. Калі
сумняецеся ў колькасьці малака, здыміце памперс на
суткі і палічыце колькасьць мочаспусканьняў за
СУТКІ. Гэта адзіны аб'ектыўны тэст для дзяцей на ГВ,
прызнаны Сусьветнай Арганізацыяй Аховы Здароўя. Пасьля гэтага
патэлефануйце мне +375296457842

З павагай,
Л. Каланда

Добры дзень Алена. Да вас звяртаецца тата 7-гадовай дзяўчынкі. У яе цяжкасьці ў зносінах з аднакласнікамі, хоць яна чалавек кантактны і не саромеецца падысьці і пазнаёміцца першай. Ёсьць дзеці, якія адкрыта выказваюць варожасць, напрыклад-хто не любіць...(імя). Другія могуць падтрымаць. Ёсьць хто ставіцца да яе добра, але ў іх не супадаюць інтэрэсы(ёй хочацца гуляць у "жывёл", а ім маляваць і інш.). Настаўніца кажа, што гэта звязана з яе ніжэйшай паспяховасьцю ў класе.Можа быць і так, але мне здаецца, што не толькі гэта. Парайце, калі ласка, чым дапамагчы дачцэ.

Прывітанне! Узрост Вашай дачкі прыпадае на перыяд, які мяркуе далучэнне дзіцяці да культурных і тэхналагічных набыткаў грамадства, у якім яно знаходзіцца. Неабходным для гэтага часу з’яўляецца засваенне новых уменняў і навыкаў. Небяспека гэтай стадыіі — пачуцце ўласнай непаўнавартасці і неадэкватнасці. Таму настаўніца мае рацыю, калі звяртае ўвагу на магчымую сувязь між паспяховасцю дзяўчынкі і стаўленнем аднакласнікаў.
Таксама адбываеццца адаптацыя да новых, незнаемых сітуацый. Дзіця спрабуе сябе ў новых відах дзейнасці і стасункаў, будуе ўласную канцэпцыю света і шукае сваё месца ў ім. Гэта час уключэння ралевой, адаптыўнай функцыі, якая мяркуе магчымасць адпавядаць сацыяльнаму асяродку, займацца сумеснай дзейнасцю пры захаванні пэўнай дыстанцыі. Перайманне працоўных навыкаў і атрыманне новых ведаў і ўменняў не абмяжоўваецца маленькім колам людзей, а адбываецца ў дастаткова вялікіх групах, дзе няма неабходнасці ў глыбіннай камунікацыі. Акрамя таго, існаванне ў соцыюме мяркуе размяркаванне пазіцый, пэўную структуру, вырашэнне пытанняў лідарства і падпарадкавання. Наколькі я магу зразумець з Вашага ліста, канфлікт адбываецца як праява барацьбы за лідарства і папулярнасць. Пры гэтым вашая дачка праяўляе “лідарскія” рысы: яна актыўная ў кантакце, сама абірае сабе від дзейнасці і не ахвяруе сваімі інтарэсамі дзеля добрага стаўлення да яе. Непасрэдна адказ на пытанне: пры спрыяльных умовах значнасць сям’і ў гэты час адыходзіць на другі план. Калі ж умовы не спрыяюць гарманічнаму развіццю, з’яўляецца пачуцце неадпаведнасці ўзнікшым патрабаванням грамадства, сям’я становіцца месцам, дзе дзяўчынка можа атрымаць падтрымку. Таму вельмі важна, каб Вашая дачка разумела, што Вы яе любіце, што Вы станоўча ацэньваеце яе дасягненні ў авалодваннямі новымі відамі дзейнасці. Адсочвайце і падтрымлівайце яе імкненні даследаваць свет, засвоіць новыя веды і ўменні. Існуе вялікая колькасць дзіцячых секцый, кружкоў, дзе ёсць магчымасць займацца творчасцю, навукай, працай. Акрамя таго, гэта дазволіць змяніць асяродак, знайсці новых сяброў, адсачыць, як складаюцца адносіны ў новым калектыве. Верагодна, праблемы, якія ўзніклі ў дзяўчынкі, уласцівыя толькі гэтаму калектыву (класу). Гэта тое, што я магу параіць, сыходзячы з Вашага ліста. Калі раптам сітуацыя больш сур’езная (напрыклад, дзяўчынку пачалі адкрыта цкаваць, яна трывала заняла месца выгнанца ў групе, ці проста перажыванні з’яўляюцца надзвычай траўматычнымі), варта падумаць аб звароце на кансультацыю (псіхолаг ёсць у кожнай школцы), ці нават пераходу ў іншы клас.
Таксама цікава, што Вы маеце на ўвазе пад “Не толькі гэта?..”

Дзякуй за пытанне, Алена Жук.


1   2   3   4   5   6   7   8   9  
глядзець адказы ўсіх спэцыялістаў

© "Нашыя дзеткі", 2006. Усе правы абароненыя. Выкарыстаньне матар'ялаў у камэрцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамэрцыйным выкарыстаньні матар'ялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаньнях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY